ЧЭ́ШСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1618—20,

антыгабсбургскае паўстанне чэш. саслоўяў, якое стала зыходным пунктам Трыццацігадовай вайны 1618—48. Выклікана наступленнем Габсбургаў на паліт. і рэліг. правы Чэхіі, якая захоўвала пэўную незалежнасць у складзе габсбургскай манархіі. Пасля смерці імператара Матыяса чэш. саслоўі адмовіліся прызнаць яго пераемнікам Фердынанда II і выбралі чэш. каралём кіраўніка Пратэстанцкай уніі 1608 Фрыдрыха II Пфальцкага (жн. 1619). Войскі чэш. саслоўяў нанеслі шэраг паражэнняў імперскім войскам, двойчы ў 1619 бралі ў беспаспяховую аблогу Вену. Фердынанд II заключыў ваен. саюз з Каталіцкай лігай 1609, меў падтрымку рым. папы і Іспаніі. У 1620 у вырашальнай бітве каля Белай Гары чэш. войскі разбіты. 27 кіраўнікоў паўстання пакараны смерцю. У Чэхіі на 300 гадоў усталявалася неабмежаваная ўлада аўстр. Габсбургаў.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)